ГРЭ́КА-БАКТРЫ́ЙСКАЕ ЦА́РСТВА,
старажытная дзяржава на тэр. Сярэдняй Азіі, Афганістана, Пакістана і паўн.-зах. Індыі ў 3—2 ст. да н.э. Засн. намеснікам (эпархам) Бактрыі Дыядотам каля 250 да н.э. ў выніку адасаблення сярэднеазіяцкіх тэр. ад дзяржавы Селеўкідаў. Уключала Бактрыю, Согд, Маргіяну і інш. Каля 180 да н.э. пачало экспансію на п-аў Індастан, заваявала яго паўн.-зах. ч. (тэр. сучаснага Пакістана). У выніку ўнутр. міжусобіц, наступлення качэўнікаў каля 175 да н.э. распалася на Грэка-Бактрыйскае царства і Грэка-Індыйскае царства. Грэка-Бактрыйскае царства захапілі масагеты, і паміж 140—130 да н.э. яно перастала існаваць. На яго месцы ўзнікла Кушанскае царства. Археал. даследаванні сведчаць пра высокую культуру Грэка-Бактрыйскага царства, якая склалася ў выніку ўзаемаабагачэння мясц., усх. эліністычных, інд. і іранскіх элементаў.
т. 5, с. 491
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)